Адзін дзень на Чашніцкай зямлі

Сяргей Чыгрын і Міхась Скобла пад час сустрэчы з чашнічанамі  На Чашніччыне жывуць добразычлівыя і гасцінныя людзі. Пераканацца ў гэтым давялося беларускім пісьменнікам, якія не так даўно завіталі ў райцэнтр.  Сяргей Чыгрын і Міхась Скобла ўпершыню пабывалі ў Чашніках. Падарожжа не было  працяглым — усяго адзін дзень. За гэты час літаратары пазнаёміліся з горадам  і  яго жыхарамі. Яны наведалі тры навучальныя ўстановы, раённую бібліятэку, прайшліся па вуліцах райцэнтра. Сустрэчы з вучнямі вельмі ўразілі і задаволілі пісьменнікаў. Школьнікі з цікавасцю  слухалі, задавалі пытанні, актыўна прымалі ўдзел у конкурсах, бралі аўтографы.  
  У цёплай атмасферы прайшла сустрэча з чытачамі раённай бібліятэкі. Сяргей Чыгрын і Міхась Скобла прызналіся, што ім вельмі спадабалася афармленне самой бібліятэкі.
Акрамя того, яны высока ацанілі кнігі, прысвечаныя Чашніччыне. Добрыя водгукі прагучалі ў адрас работ В. В. Грыбко.
 Сяргей Чыгрын выказаў сваю заклапочанасць тым, што на паліцах кніжнай крамы райцэнтра ён не ўбачыў літаратуры на беларускай мове. Пад час іх візіту прадавец  не змагла прапанаваць гасцям ні твораў беларускіх класікаў, ні нават дзіцячай кнігі на роднай мове. 
  Сустрэча з чытачамі цягнулася больш за гадзіну.  Першым гутарыў  Сяргей Чыгрын. Спачатку ён расказаў пра сябе. Потым спыніўся на асноўных накірунках сваёй творчасці. Больш за ўсё пісьменнік  цікавіцца гістарычнай тэматыкай. У яго сабраны багаты матэрыял. Застаецца толькі плённа папрацаваць.
  Міхась Скобла не стаў распавядаць пра сябе, а пазнаёміў прысутных са сваёй творчасцю. Ён прачытаў некалькі вершаў, расказаў гісторыю іх стварэння. Эмацыянальна, узнёсла і мілагучна выступаў Міхась Скобла. З цікавасцю слухалі таленавітага госця ўдзельнікі мерапрыемства.
 Сустрэча з беларускімі пісьменнікамі настолькі спадабалася прысутным, што яны доўга не хацелі адпускаць іх. Прасілі пачытаць вершы, пакінуць аўтограф.  
    На развітанне беларускія літаратары паабяцалі напісаць верш пра Васіля Цяпінскага. А напамінам пра візіт Сяргея Чыгрына і Міхася Скоблы ў раённую бібліятэку будуць кнігі з аўтографамі, якія яны падарылі загадчыцы. Паважаныя госці з задавальненнем  далучыліся да ліку чытачоў раённай бібліятэкі. Фармуляры, запоўненыя імі,  захоўваюцца зараз як музейныя экспанаты.  
Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.