Шлях да хлеба

Фестываль-ярмарка "Дажынкі-2011" у Маладзечна быў багаты на яркія, запамінальныя падзеі...    Другая палова мінулага тыдня ў жыцці нашай краіны была пазначана надзвычай важнымі падзеямі, якія тычыліся па сутнасці кожнага з нас. У горадзе Маладзечне  Мінскай вобласці  прайшоў пятнаццаты рэспубліканскі  фестываль-ярмарка працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011». Прайшоў ярка, урачыста і святочна, як і належыць  у  такіх выпадках, а асаблівую значнасць  яму надаваў удзел у святочных мерапрыемствах  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  А. Р. Лукашэнкі.
   Маладзечна сустрэла нас  у прыгожым  убранстве, мноствам  рознакаляровых транспарантаў, сцяжкоў і шароў, сярод  якіх віднае месца займала эмблема фестывалю, у  аснове якой колеры дзяржаўных сімвалаў, каласы  і  герб  Маладзечна.  Цэнтральныя вуліцы пераўтварыліся ў сапраўдныя палатачныя гарадкі, дзе бойка гандлявалі сваёй прадукцыяй прадпрыемствы. Незвычайных памераў і форм садавіна і гародніна, адмыслова прыгатаваныя смажаніна і выпечка, рознае начынне, што выраблялася прама на вачах у нас, цудоўныя, з густам аформленыя самых розных напрамкаў тэматычныя  экспазіцыі, часам камічнага характару, прапаноўваючыя  адпачыць, падсілкавацца і  пацешыцца  работамі майстроў    падвор`і — усе гэта прыемна ўражвала, здзіўляла, стварала непаўторную атмасферу вялікага свята. А яшчэ — аб`ядноўвала ўсіх нас, рабіла дабрэйшымі,  напаўняла радасцю і гордасцю за нас, беларусаў.
   Маладзечанцы і госці горада   дружна і сардэчна віталі ўрачыстае  шэсце пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх  паказчыкаў на ўборцы  ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы травяных кармоў  у  2011 годзе на цэнтральнай вуліцы Маладзечна. Прыемна было, што ў складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці і прадстаўнікі Чашніччыны — старшыня райвыканкама У. У. Булай, начальнік райсельгасхарчу Э. А. Гуляеў, механізатар КУСГП  «Чашніцкае» У. А. Гурко.            
  Але галоўнай падзеяй  першага  дня «Дажынак-2011», безумоўна, стала ўрачыстая  цырымонія ўшанавання лепшых працаўнікоў вёскі нашай краіны. Удзельнікаў фестывалю  цёпла вітаў Прэзідэнт Рэспублікі  Беларусь А. Р. Лукашэнка.
  Нам, прадстаўнікам Чашніччыны, давялося перажыць некалькі асабліва хвалюючых момантаў, калі ў ліку першых як пераможца рэспубліканскага  спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур быў названы Чашніцкі раён, а старшыня райвыканкама У. У. Булай і начальнік райсельгасхарчу Э. А. Гуляеў  пад авацыі прысутных прымалі з рук  Прэзідэнта краіны ўзнагароду. Перапаўняла  пачуцце гордасці за сваю малую радзіму, за дарагі  куточак  зямлі,  яго таленавітых  і  працавітых  людзей…
 Нямала прыемнага падараваў нам і другі дзень «Дажынак-2011». І  асабліва тады, калі на сцэну для ўзнагароджвання сярод іншых падняўся і наш зямляк — камбайнер КУСГП «Чашніцкае» У. А. Гурко, які ў рэспубліканскім  спаборніцтве на нарыхтоўцы кармоў заняў трэцяе месца. Узнагароду Уладзіміру  Аляксеевічу ўручаў віцэ-прэм`ер Рэспублікі Беларусь В. М. Іваноў.
 Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.