Ты ж мая, ты ж мая, перапёлачка

Изображение 32526Беларускую песеньку, якая мае такі вось прыпеў, хоць аднойчы ў жыцці вы, паважаныя чытачы, чулі. А калі запытацца ў вас, ці бачыў хто тую самую перапёлачку, сцвярджальны адказ дадуць нямногія. Сама я да нядаўняга часу таксама перапёлку не бачыла, хоць яшчэ ў далёкім дзяцінстве старанна выводзіла на баяне вядомую мелодыю.
Але з месяц таму пазнаёмілася з цікавай жанчынай, а завітаўшы да яе ў госці, убачыла нарэшце птушачку, ды не адну. На дачы ў новалукамчанкі Ілоны Іванаўны Бабровіч гэтых перапёлачак больш за 200.
Птушыны двор — менавіта так называе жанчына сваю гаспадарку, што прапісалася ў Застарынні. Перш чым трапіць сюды, доўга шукалі з мужам хату ў вёсцы. Гэтыя мясціны ўпадабалі адразу. Ды і як тут не купіцца? З адных вокнаў — возера, з другіх — лес. Ілона Іванаўна — медык з вышэйшай адукацыяй. Хто-хто, а яна ведае, дзе шукаць крыніцу здароўя. Набыўшы нерухомасць, адразу ўзяліся за будаўніцтва. Простая вясковая хата паступова ператвараецца ў сучасны катэдж. Насупраць яго — прычал, яго будуюць гаспадары катэджа, прыватызаваўшы зямлю ля возера. На заднім плане — сапраўдны птушыны палац, дзе жывуць гусі і індакачкі. Нягледзячы на тое, што на календары — другая палова кастрычніка, шлях да яго ляжыць праз алею кветак. Не здаюцца першым маразам прыгажуні-хрызантэмы. «Прыязджайце да нас улетку, — запрашае гаспадыня, праводзячы экскурсію па сядзібе, — пабачыце сапраўднае царства, толькі вяргіняў у нас каля паўсотні. А побач — поле з меданосамі. За ім лясок узвышаецца, мы па грыбы ходзім. Ды тут кожная пара прываблівае. Прыйдуць халады са снегам і маразамі — з мужам зімовай рыбалкай зоймемся…».
Пад перапёлак адведзена частка дома. Яна ўяўляе сабой сціплае ўтульнае памяшканне, дзе ёсць усё неабходнае для птушкі — самай маленькай на зямлі курыцы. Клеткі пабудаваны так, што на выгляд — шматпавярховы дом у мініяцюры. У кожнай кватэры — шматдзетная сям’я са сваім укладам. Паміж сабой розняцца колерам, памерамі, звычкамі. Ёсць тут і японскія, і цехаскія перапёлкі, і залацісты фенікс. Паміж сабой выхадцы з розных кантынентаў ужываюцца мірна. Сачыць за імі — сапраўднае задавальненне, якое выратоўвае ад шматлікіх стрэсаў. Зазірнём хаця б у брудэр — спецыяльную скрынку для вырошчвання маладняку. Цяжка распазнаць будучых птушак у паласатых мухах. Вельмі цікавы момант — носка яек. Працэс абавязкова суправаджае песня. Можа таму прадукт атрымліваецца такім карысным. «Музычныя» яйкі па многіх пажыўных рэчывах багацей за курыныя. Значна больш у іх вітамінаў B1і B2. Спецыялісты лічаць, што перапяліныя яйкі — сапраўдныя ампулы здароўя. Не менш карысна і мяса гэтых птушак. Смакавыя і дыетычныя якасці перапёлкі перавышаюць не толькі кураціну, але і трусяціну. Здаўна яго раілі спажываць людзям з сардэчнымі паталогіямі, захворваннямі нырак, печані, лёгкіх, страўніка, нервовай сістэмы і інш. Мяса вельмі карыснае пры анкалогіі і ў пасляаперацыйны перыяд.
«Мець гаспадарку, каб разводзіць кароў, свіней, — кажа на развітанне гаспадыня, — я не хацела. Птушкі — зусім іншая справа. Мару завесці яшчэ фазанаў. Вядома ж, усё не так проста. Трэба шмат працаваць. Але ж у чалавека, які любіць птушак, таксама ёсць крылы. Мае крылы — муж. Залатыя рукі Віктара твораць цуд…»

Ірына ТОРБІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.