Дыплом за танцы

IMG_5813
Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» сабрала прыхільнікаў беларускіх танцаў. «Полька», «Лявоніха», «Нарэчанька», «Каханачка»… У танцавальным марафоне амаль у самым цэнтры Браслава ўдзельнічалі творчыя калектывы з усіх рэгіёнаў вобласці.
Атрымаць высокую адзнаку было няпроста. Улічвалася жанравая разнастайнасць, захаванне мясцовага каларыту, здольнасць да імправізацыі, узровень выканальніцкага майстэрства, адпаведнасць касцюмаў пэўнаму часу.
Можна з упэўненасцю сказаць, што падрыхтоўка да конкурсу патрабавала намаганняў ад удзельнікаў.
Наш раён прадстаўлялі дзве пары – Іван Прыстаўка і Вольга Дужэнка, Юлія Калітнік і Ігар Балабошка ў дзвюх узроставых катэгорыях ад 16 да 30 і ад 30 да 50 год. Народныя касцюмы чашнічан для ўдзельнікаў былі зроблены ўмелымі рукамі майстроў раённага Дома рамёстваў. А вось беларускія побытавыя танцы з адметным мясцовым каларытам рыхтавалі самі.
– Вельмі хваляваліся, – падзялілася Вольга Дужэнка. – Да конкурсу рыхтаваліся сур’ёзна. За дапамогай звярталіся да прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Аднаўлялі стыль выканання, тэхніку. Вялікі дзякуй бабулям і дзядулям, якія расказалі і паказалі, як танцавалі ў маладосці.
Па дзесяць танцаў прадставілі на суд журы чашніцкія пары. Сярод іх былі вядомыя «Лявоніха», «Вальс», «Полька» і такія, якія многія з нас упершыню чуюць, – «Какетка», «Лысы», «Месяц», «Ночка»…
Трэба адзначыць, што нашы землякі годна выступілі на турніры беларускіх танцаў, які прайшоў у межах Міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы». Іван Прыстаўка і Вольга Дужэнка заваявалі Дыплом другой ступені ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 30 год.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.