У вясковай бібліятэцы-філіяле №17 Чырвонай Раніцы шмат увагі надаюць фальклорным традыцыям роднага краю

У вясковай бібліятэцы-філіяле №17 Чырвонай Раніцы шмат увагі надаюць фальклорным традыцыям роднага краю. Менавіта таму ўстанова культуры адкрыта не толькі для чытачоў, але і для ўдзельнікаў мерапрыемства. А фальклорныя святы тут не рэдкасць. Апошняе з іх услаўляла наш беларускі ручнік і прахо-дзіла пад назвай «Повязь часоў — беларускі ручнік».

Чытальная зала бібліятэкі на некаторы час пераўтварылася ва ўтульную беларускую хату, а яе супрацоўнікі — у гасцінных гаспадынь. Яны, пераапранутыя ў беларускія народныя касцюмы, сустрэлі хлебам-соллю гасцей, запрасілі іх стаць удзельнікамі незвычайнага свята. 

З даўніх часоў сімвалам беларускай гасціннасці, адкрытасці і дабрабыту быў ручнік. Раней лічылася нядобрай прыкметай падаваць ежу на «голы» стол. На свята слалі абрус, для аднаго госця — ручнік. У нашых продкаў яны былі вытканы на ўсе выпадкі жыцця.  

Пра гэта вельмі добра распавядаецца ў вершы Аркадзя Нефрановіча «Ручнік», які прадэкламавалі падчас мерапрыемства.

У наш час абрадавыя функцыі ручніка захаваліся на вяселлі. Хлебам-соллю на ручніку сустракаюць маладых. Яго  кладуць пад ногі са словамі: «На ручнік стаць — век адзін аднаго кахаць». Ручнік традыцыйна завязваюць праз плячо свату.

На мерапрыемстве быў прадэманстраваны ўрывак абраду «Уваходзіны». Гаспадар з гаспадыняй пабудавалі новую хату і сустракаюць гасцей. Як гэта адбывалася раней, змаглі паглядзець прысутныя. І пачаўся ён з галоўнага падарунка. Першым на наваселле прыносілі абраз Божай Маці, які зберагаў гаспадароў і іх пабудову ад нячыстай сілы. Яго вешалі на покуце і абавязкова ўпрыгожвалі самым лепшым ручніком. На ім пераважае чырвоны арнамент. Гэты колер са старажытных часоў лічыўся сімвалічным, азначаў жыццё. Усе вышыўкі на беларускіх ручніках выконваліся чырвоным колерам на белым фоне, часам з дадаткам чорнага, каб нагадаць, што жыццё не вечнае. Зялёны — сімвалізаваў зямлю, прыроду, рост і развіццё.

Выстава ручнікоў была прадстаўлена ў чытальнай зале бібліятэкі. Фальклорнае свята пад назвай «Повязь часоў —беларускі ручнік» дало магчымасць дакрануцца да традыцый нашых продкаў, пазнаёміцца з багатай спадчынай.

Святочны настрой супрацоўнікам бібліятэкі дапамагалі ствараць калектыў «Верасень» і чашніцкая паэтка В. Ф. Гарбачова.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.