Свет яе справы

Вера Цімафееўна Крыўко з Краснулак — чалавек, добра вядомы ў педагагічным асяроддзі раёна, яна з тых, каму пашчасціла праз жыццё займацца любімай справай — вучыць і выхоўваць дзяцей.
Нарадзілася ў в. Дворышча Красналуцкага сельсавета, тут жа атрымала пачатковую адукацыю. Дзяцінства яе прайшло на ўлонні маляўнічай беларускай прыроды. Напэўна, адсюль яе любоў да прыгажосці, якую яна потым імкнулася перадаць другім.
Закончыла сярэднюю школу ў Красналуках з сярэбраным медалём, была няўдалая спроба паступіць у інстытут. Пайшла тэлефаністкай на паштовае аддзяленне.
Ды толькі па-ранейшаму жадала стаць настаўнікам. І мара здзейснілася — пасля заканчэння Полацкага педагагічнага вучылішча яна першыя два гады працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ва Узбекістане. Выйшла замуж, нарадзіла дзіця. Але ўспаміны пра родны кут не давалі спакою — і праз колькі часу Вера вяртаецца. Уладкавалася ў Забаенні піянерважатай у мясцовай школе, выкладала гісторыю, замежную мову. А як школа ў роднай вёсцы закрылася, стала настаўніцай пачатковых класаў у Красналуках. Ну а шматлікія ўзнагароды — сведчанне заслуг, яе аўтарытэту.
А яшчэ ў школе Вера Цімафееўна кіравала гуртком «Рукадзелле». Да яе спяшаліся выхаванцы розных узростаў, каб навучыцца вышываць, вязаць, ствараць прыгажосць з саломкі. І рабілі гэта з поспехам – лепшыя работы ад-значаны ў раёне і вобласці.
В. Ц. Крыўко — настаўнік ад Бога,чалавек, які бачыў у кожным вучні асобу. Таму да яе і цягнуліся заўсёды дзеці, добрым словам успамінаюць праз жыццё. Аднавяскоўцы неаднаразова выбіралі яе старэйшынай вёскі, дэпутатам Красналуцкага сельскага Савета дэпутатаў.
Зараз Вера Цімафееўна на заслужаным адпачынку. Кажуць, незаменных людзей няма. Можа, яно і так, але … не хапае яе ў школе…
Шаноўная Вера Цімафееўна, Вашы вучні і іх бацькі, аднавяскоўцы зычаць Вам моцнага здароўя, каб кожны новы дзень нёс толькі радасць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.