Свята перамянення пана

каталіцкія вернікі адзначылі 6 жніўня. Да яго прымеркаваны і парафіяльны фэст, які прайшоў 5 жніўня ў каталіцкім касцёле ў Чашніках.
Гэта свята звязваюць з цудам, які Ісус здзейсніў напрыканцы свайго зямного шляху перад трыма апосталамі. Хрыстос прывёў вучняў на гару Табор і паведаў, што яму належыць пакутваць за людзей, памерці на крыжы і ўваскрэснуць. Свята нагадвае вернікам пра неабходнасць духоўнага перамянення. Лічыцца таксама, што звязана яно з асвячэннем пладоў. У пачатку жніўня выспяваюць злакі і садавіна. Іх хрысціяне прыносяць у храм для бласлаўлення.
Свята праводзілася каталіцкім касцёлам райцэнтра ўпершыню. Пачалося мерапрыемста са святой Імшы з адпустам, якую адкрыў ксёндз Чашніцкай парафіі Мікалай Ліпскі. Ён павіншваў прысутных са святам, прадставіў гасцей. На мерапрыемства былі запрошаны біскупы і вернікі з Шаркаўшчынскай, Полацкай і Глыбоцкай парафій, а таксама прыхажане з Чашнік і Новалукомля. Напрыканцы адбылася працэсія вакол касцёла.
Для прысутных быў падрыхтаваны канцэрт. Выступілі артысты з Мінска і Полацка. Акрамя гэтага, быў арганізаваны салодкі стол. Не забыліся і пра самых маленькіх. Для іх ля касцёла разгарнулі дзіцячую пляцоўку.
Такое ж свята вернікі праваслаўнай канфесіі будуць адзначаць 19 жніўня.

Таццяна МАЛІНОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.