Важная падзея адбылася 15 лістапада ў культурным і духоўным жыцці беларускага народа

Важная падзея адбылася 15 лістапада ў культурным і духоўным жыцці беларускага народа. Пераклад Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову прэзентавалі на мінулым тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Удзел прынялі Патрыяршы Экзарх усея Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Паўла, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэуш Кандрусевіч.
«Можна сказаць, што гэта кніга сёння з’яўляецца эталонам, бо ў папярэдніх выданнях Свяшчэннага Пісання былі недахопы. Гэта выданне — узор, які будзе служыць і ў далейшым людзям, якія імкнуцца пазнаць слова Божае і Свяшчэннае Пісанне. А для выдавецкага савету — стымул паразважаць, у якім яшчэ фармаце можна зрабіць гэту кнігу, каб яна была даступна шырокаму колу чытачоў, багасловаў, гісторыкаў», — сказаў Мітрапаліт Паўла. Па яго словах, магчыма, кнігу трэба перааформіць, выдаць на дзвюх мовах, або ўключыць паралельна часткі тэксту, дадаць сюжэты з евангельскай гісторыі, каб яна і візуальна вабіла чытача, стала настольнай для кожнага хрысціяніна.
Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што гэта падзея можа стаць асновай для новых крокаў у аб’яднанні царквы з грамадствам, ва ўплыве царквы на развіццё суверэннай Беларусі.
Каб Свяшчэннае Пісанне загучала на нашай нацыянальнай мове, больш 25 гадоў багасловы і філолагі, якія ўваходзяць у састаў Біблейскай камісіі, пераводзілі з мовы арыгінала — старажытнагрэчаскай.
Новы Запавет на сучаснай беларускай мове выдадзены тыражом 6 тысяч экзэмпляраў. З іх 500 — падарункавых, у скураным пераплёце з залатым абрэзам. Надрукаваны тыраж у праваслаўнай тыпаграфіі Беластока.
ДАРЭЧЫ
Выпуск новай кнігі падрыхтаваны Беларускай праваслаўнай царквой к 500-годдзю з дня выдання першай кнігі, Бібліі, Францішкам Скарынам.

Па матэрыялах Белтэлерадыёкампаніі  і БелТА падрыхтавала Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.