Прыдзвінне — край чароўны і прыгожы

У 2018-м адзначаецца 80-годдзе з дня заснавання Віцебскай вобласці. У Прыдзвіння юбілей. Запланавана шмат мерапрыемстваў з гэтай нагоды. Чашніччына — важная частка паўночна-ўсходняга рэгіёна рэспублікі. У руплівай працы здабываюць дабрабыт яе жыхары. Хтосьці тут нарадзіўся і вырас. Камусьці лёсам было наканавана аднойчы прыехаць і застацца ў гэтых мясцінах назаўсёды. Настаўнікі, краязнаўцы, музейныя работнікі, прадстаўнікі творчых прафесій — людзі па-сапраўднаму апантаныя. Яны клапатліва захоўваюць духоўны і культурны скарб, робяць усё магчымае, каб кожны з нас ведаў гісторыю роднай зямлі. Справа вельмі пачэсная. Тут і казаць няма чаго.
Віктар Вільгельмавіч Грыбко з Іванска — адзін з ліку тых самых апантаных. Выкладае англійскую мову ў мясцовай школе, шмат гадоў займаецца краязнаўствам, аўтар кніг і нарысаў. На Чашніччыну прыехаў у 1990 годзе з Рэчыцы. І палюбіў маляўнічы Прыдзвінскі край.


— У нашай школе ёсць гісторыка-краязнаўчы музей. Лічу, што гэта вялікае дасягненне, — кажа Віктар Грыбко. — Вучні павінны ведаць, адкуль пайшлі іх карані. Зямля нашая вельмі багатая. Я прыехаў на Віцебшчыну з Гомельскай вобласці і быў уражаны, калі пабачыў блакітныя азёры, лясы і падлескі, незвычайны прыродны ландшафт. Адразу стаў цікавіцца гісторыяй Іванска і ваколіц. Пабачыў рэшткі палаца Валадковічаў і вырашыў: трэба гэтую тэму «раскруціць». За шмат гадоў плённай працы многае ўдалося зрабіць. Тое самае тычыцца і знакамітай Ульскай бітвы, якая адбылася непадалёку ад Іванска. Разам з вучнямі вывучалі матэрыял, здолелі больш-менш дакладна вызначыць месца, дзе шмат стагоддзяў таму разгарнуліся трагічныя падзеі.
На Віцебшчыне краязнаўства заўсёды знаходзілася на высокім узроўні. Я гэта яшчэ ў дзевяностыя гады адчуў. Амаль у кожным раёне і зараз ёсць людзі нераўнадушныя, якія цікавяцца гісторыяй, знаходзяць час для даследчай работы. Мы, краязнаўцы, сябруем, дзелімся адзін з адным карыснай інфармацыяй. Як кажуць, робім агульную справу. Тым самым збіраем у адно цэлае ўсё тое, што абавязкова спатрэбіцца будучым пакаленням. Хочацца ў гэта верыць.
Людміла Рыгораўна Касцянка шмат гадоў узначальвае Чашніцкі гістарычны музей. Як прызналася дырэктар установы, да 80-годдзя Віцебскай вобласці рыхтуецца спецыяльная выстава. Яна ўжо пачала экспанавацца. Называецца выстава «Чашніччына. Віцебшчына. Беларусь» .


— Архіўныя дакументы, фота-здымкі, узнагароды нашых землякоў, прадметы паўсядзённага побыту людзей — усё гэта змогуць пабачыць наведвальнікі музея, — распавядае Людміла Рыгораўна. — Запрашаю жыхароў раёна і гасцей. Прыходзьце, калі ласка. Таксама не магу не сказаць пра тое, якія турыстычныя маршруты мы распрацавалі. Першы называецца «Зямля бацькоў». Пачынаем з экскурсіі па музеі. Потым адпраўляемся ў раён Бярэзінскай воднай сістэмы каналаў, адтуль крочым у Зарэчную Слабаду. Апошні прыпынак робім у вёсцы Копцевічы. Гістарычныя і культурныя помнікі, старажытныя пахаванні, знакамітыя людзі, якія нарадзіліся ў гэтых месцах, выдатныя працаўнікі — пра ўсё ідзе гаворка.
Другі маршрут «У гэтай зямлі звычайнай» больш раскрывае прыродныя багацці Чашніччыны (лясныя масівы, азёры). У мінулым годзе госці з Мінска былі вельмі ўражаны, калі павандравалі па маляўнічых кутках раёна. Абяцалі прыехаць да нас яшчэ раз і сяброў прывезці. Будзем чакаць. Заўсёды можна знайсці такія аб’екты, якія ўласцівыя менавіта нашай мясцовасці. Галоўнае — умець шукаць.

Гутарыў  Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.