Вячорачкі, вячоркі!

На мінулым тыдні ветэраны горада энергетыкаў, а таксама чытачы Новалукомльскай гарадской бібліятэкі сабраліся на калядныя вячоркі. Мерапрыемства было арганізавана работнікамі чытальні і актывістамі Новалукомльскага філіяла Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Спачатку вядучыя расказалі гасцям пра тое, чаму елка стала галоўным атрыбутам Калядаў. Гэтае дрэва спрадвеку ў веруючых лічылася сімвалам Раю, якое трэба было ўпрыгожваць на свята Нараджэння Хрыстова і пакідаць такім да апошняга дня святак. Але такая лясная прыгажуня адрознівалася ад навагодняй сваім убранствам: у асноўным гэта былі сінія і белыя шары.
З цікавасцю прысутныя слухалі пра народныя традыцыі і абрады святкавання Нараджэння Хрыстова. Шмат чаго незвычайнага паведамілі і аб захаванні нашымі продкамі традыцый посту, аб падрыхтоўцы дома і сямейнага стала да свята і інш.
Намеснік ветэранскай арганізацыі Новалукомля Г. М. Хацкевіч павіншавала ўсіх з Новым годам і Калядамі, пажадала моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту. Таксама Ганна Мікалаеўна з нагоды юбілею ўручыла падарунак намесніку пярвічнай ветэранскай арганізацыі СШ №1 горада энергетыкаў Аляксандры Аляксандраўне Кураковай.
Затым на вячоркі завітала Салоха. І тут пачалося — варажба, прадказанні, вясёлыя гульні… А потым гасцей запрасілі за святочны стол.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.