З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў Чырвонараніцкай сельскай бібліятэцы прайшло мерапрыемства «Не пакідайце ж мовы роднай…»

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў Чырвонараніцкай сельскай бібліятэцы прайшло мерапрыемства «Не пакідайце ж мовы роднай…». Удзельнікамі свята сталі вучні 1-4 класаў Пачаевіцкай ДСПШ. Накіравана мерапрыемства было на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў школьнікаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў.
Пачалося свята з размовы пра гісторыю ўзнікнення Дня роднай мовы. А таксама пра неабходнасць захоў-ваць яе. На мерапрыемстве ў выканні вядучых прагучалі вершы пра родную мову. Падчас свята вучні пашырылі свой слоўнікавы запас і праявілі творчыя здольнасці. Яны прынялі ўдзел у гульні, дзе паказалі добрыя веды ў перакладзе слоў з рускай на беларускую мову, разгадвалі загадкі і рэбусы. Дзеці паспаборнічалі ў конкурсе скорагаворак, падбіралі розным прадметам беларускія назвы.
Свята запомнілася ўсім. Кожны вучань зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо менавіта ў ёй — гісторыя народа.
Акрамя гэтага, пад дэвізам «Хай жыве непаўторная, з легендаў і казак сатканая, вобразная, вольная, пявучая, цудоўная родная мова» прайшоў адзіны дзень зносін «Роднай мовы пералівы».
У гэты дзень і бібліятэкары, і наведвальнікі з задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі «Размаўляй са мной па-беларуску». Гэта дало выдатную магчымасць чуць мілагучную родную мову. На працягу дня ва ўстанове гучалі беларускія народныя песні і музыка беларускіх кампазітараў.
Яшчэ была прадстаўлена выстава ілюстрацый і фота-здымкаў «Смак роднай мовы». Не забыліся і пра маленькіх чытачоў. Ім бібліятэка прапанавала тэматычную паліцу «Твае першыя кніжкі па-беларуску».
Гэты дзень, безумоўна, нікога не пакінуў абыякавым. Усе прысутныя на свяце яшчэ раз адчулі: якая мілагучная, прыгожая родная мова.

Таццяна  МАЛІНОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.