І быў тут «шлях з вараг у грэкі»(+ФОТО)

У жніўні ў вёсках, калі шмат работ, не да адпачынку. Але ў гэты цёплы сонечны дзень жыхары Лукомля пакінулі на некаторы час звыклыя справы. На пляцоўцы каля мясцовага Дома культуры ўжо з самага ранку сабраліся дарослыя і дзеці. Нагодай таму паслужыла ўрачыстасць: у мінулую суботу ад-значалася 940-годдзе з дня заснавання аграгарадка Лукомль.

 


На плошчы побач з імправізаванай сцэнай, дзе ладзіўся святочны канцэрт, можна было наведаць выставу-продаж, арганізаваную майстрамі Чашніцкага Дома рамёстваў. Побач была размешчана выстава вырабаў вяскоўцаў, удзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах «Сяброўка» і «Цуды сваімі рукамі» Лукомльскага СДК. Працавалі дзіцячыя атракцыёны. Маленькія жыхары таксама мелі магчымасць пераўвасобіцца ў любімага казачнага героя, жывёлу ці проста ўпрыгожыць твар з дапамогай майстроў па аквагрыму.


Падчас урачыстага мера-прыемства аднавяскоўцы разам з вядучымі ўспомнілі слаўнае мінулае аграгарадка. Дарэчы, паселішча на месцы сучаснага Лукомля існавала практычна з першых стагоддзяў нашай эры, а ў час утварэння Полацкага княства гэта быў ужо буйны цэнтр. Лукомль знаходзіўся на «шляху з вараг у грэкі». Упершыню згаданы ў 1078 годзе ў сувязі з супрацьстаяннем смаленскага і чарнігаўскага князя Уладзіміра Манамаха і полацкага князя Усяслава Брачыславіча, калі Манамах напаў на Лукомль у ад-плату за разарэнне Усяславам Смаленскай і Ноўгарад-Северскай воласцей.


Першае пасяленне ў Лукомлі было на ўзвышшы, якое абмываецца ракой з двух бакоў. Пасля на ім пабудаваны замак, які ўяўляў сабой крэпасць. Жыхары княства сяліліся ніжэй, па цячэнні ракі, у яе выгіне, адсюль і назва Лукомль (выгін). Да нашых дзён у Лукомлі захавалася вялікая гара-курган, дзе стаяў замак князя Лукомскага.
На гэтай зямлі за дзевяць стагоддзяў прайшло нямала войнаў. Адбылася бітва паміж войскамі Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавай. У 1563 годзе Лукомль у ходзе Лівонскай вайны быў узяты штурмам рускім войскам і спалены. Не абышла бокам і Айчынная вайна 1812 года.
У сярэдзіне XVII стагоддзя ў Лукомлі з’явілася першая народная пачатковая школа з адным настаўнікам, валасное кіраванне, драўляная царква, касцёл і адзін малебны дом.
Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі Лукомль — буйная вёска, у якой жылі беларусы, яўрэі і палякі. Тут былі школа, бальніца, крама, аптэка. Мірнае жыццё абарвала Вялікая Айчынная. Ворагі, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, арганізавалі ў мястэчку гета. 18 кастрычніка 1941 года ў Лукомлі расстралялі каля 150 яўрэйскіх сем’яў.


Падчас урачыстасці віталі людзей, якія ўнеслі значны ўклад у росквіт роднай зямлі: ветэранаў «Лукомльскага», старшыняў, якія ўзначальвалі Лукомльскі сельвыканкам ў розныя гады, а таксама тых, хто сёння самаадана працуе ў КУСГП «Кашчынскае».
У Лукомлі атрымалі другое нараджэнне адміністрацыйныя ўстановы, адрамантаваны Лукомльская дзіцячы сад-пачатковая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, крамы.
Са шчырымі словамі віншавання падчас урачыстасці да вяскоўцаў звярнулася старшыня Лукомльскага сельвыканкама Н.Л. Гамбаран. Яна падзякавала жыхарам аграгарадка за руплівасць, працавітасць, пажадала моцнага здароўя, поспехаў у справах і доўгіх гадоў жыцця. Таксама Нэлі Леанідаўна ўручыла падарункі пераможцам конкурсу па добраўпарадкаванню, які быў праведзены напярэдадні свята. Лепшым падвор’ем у Лукомлі прызнана сядзіба, размешчаная па вуліцы М. Горкага. Належыць дом узорнага парадку Пятру Андрэевічу і Зоі Аляксандраўне Зуевым.
Словы падзякі са сцэны гучалі і ў адрас медыцынскіх работнікаў, прадаўцоў, паштальёнаў, калектываў Дома культуры і бібліятэкі, педагогаў Лукомльскай школы, выпускнікі якой вядомыя далёка за межамі краіны. Ад імя калектыву ДУА «Лукомльская дзіцячы сад-пачатковая школа» землякоў віншавалі дырэктар установы М.П. Байкоў і яе былы кіраўнік Т. М. Хвашчэўская.
У гэтым годзе многія жыхары аграгарадка святкавалі юбілеі. Дзевяноста пять гадоў споўнілася Валянціне Піліпаўне Шыдлоўскай. А яе зямлячцы, Соф’і Пятроўне Макарэвіч — дзевяноста. З васьмідзесяцігоддзем віншавалі Соф’ю Іванаўну Мірончык, Івана Якаўлевіча Купрэева. Ушанавалі і старэйшага жыхара Лукомля — Надзею Іванаўну Сямёнаву. Яна ў сакавіку адзначыла сто два.


Імправізаваны ключ ад аграгарадка быў уручаны самай маленькай жыхарцы лукомльскай зямлі, якая з’явілася на свет 7 чэрвеня. Ганаровае права перадаць «сімвал будучыні» двухмесячнай Паліне Давыдавай прадаставілі былому старшыні Лукомльскага сельвыканкама Н. В. Бакурыну.
Да юбілею Лукомля сем’і, у якіх выхоўваюцца маленькія дзеці, рыхтаваліся загадзя. На ўрачыстасць яны прывезлі немаўлят у арыгінальна аформленых калясках. Самымі крэатыўнымі былі прызнаны сем’і Давыдавых і Дрончанка.
Падвялі вынікі творчай выставы-конкурсу аб’яднанняў «Сяброўка» і «Цуды сваімі рукамі». Пераможцам па выніках галасавання гледачоў стала Вольга Сяргееўна Давыдава.
Музыкальныя падарункі вяскоўцам на працягу святочнага канцэрта дарылі ўдзельнікі мастацкай сама-дзейнасці Лукомльскага СДК і Чашніцкага ГДК.
Таксама да святкавання Дня аграгарадка быў прымеркаваны пленэр-конкурс, у якім прынялі ўдзел мастакі Чашніцкага раёна.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.