У ААТ «Іванскі-Агра» ў мінулую пятніцу наладзілі сапраўднае свята

Хлебаробам уручылі духмяныя караваі.

У ААТ «Іванскі-Агра» ў мінулую пятніцу наладзілі сапраўднае свята. На полі за вёскай Дзямідавічы пелі песні, праводзілі абрады, хлебаробам уручылі духмяныя караваі. Традыцыйныя «Зажынкі» адбыліся.
А наперадзе ў працаўнікоў — па-сапраўднаму гарачыя дзянькі. Трэба як мага хутчэй абмалаціць шчодрыя нівы. Пад збожжавыя культуры ў акцыянерным таварыстве адведзена больш за 1500 гектараў плошчаў. Фронт работ сур’ёзны.
Начальнік райсельгасхарчу Міхаіл Мільчанін пад час «Зажынак» пажадаў хлебаробам поспехаў. Ад іх добрасумленнай працы зараз многае залежыць. Ёсць упэўненасць, што экіпажы камбайнераў, вадзіцелі, спецыялісты, работнікі зернесушыльных комплексаў са сваёй задачай справяцца на выдатна. Міхаіл Мільчанін засяродзіў увагу прысутных на такіх аспектах, як забеспячэнне хлебаробаў спецвопраткай, арганізацыя палявых станаў, эканомія паліва, выкананне правіл бяспекі падчас работ і іншых.
Праца хлебаробская заўжды займала сваё пачэснае месца. У час святкавання «Зажынак» гэта пад-крэслівалася неаднаразова. Дырэктару ААТ «Іванскі-Агра» Ігару Марозу жнеі ўручылі першы сноп. Кіраўнік гаспадаркі паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб годна правесці жніво.
Удзельнікі свята перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку і тым самым далі старт галоўнай сельскагаспадарчай кампаніі лета. Святар айцец Уладзімір прачытаў малітву. Артысты Іван-скага Дома фальклору падрыхтавалі невялічкі канцэрт.
«Зажынкі» ў апошнія дні праводзілі і ў іншых гаспадарках раёна. Хочацца пажадаць хлебаробам спрыяючага надвор’я на працягу бліжэйшых тыдняў. Каб не падводзіла тэхніка.

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.