Зямля бацькоў, цудоўная зямля

С жартамі, гульнямі ды заліхвацкімі песнямі свята вёскі адзначылі жыхары Замошша. Ідэйнымі натхняльнікамі і арганізатарамі мера-прыемства былі работнікі Красналуцкага СДК. Дапамогу аказаў Красналуцкі сельвыканкам, а таксама самі замошцы, якія прыгатавалі смачныя стравы, аформілі выставу вышыванак, кветак, упрыгожылі месца, дзе непасрэдна праходзіла ўрачыстасць.
Зараз у Замошшы жыве небагата людзей. Усяго тут 11 хат. Але на свята сабралася многа гасцей. Да вяскоўцаў завіталі дзеці, унукі, родныя тых, хто калісьці жыў на гэтай зямлі.
Каб пажадаць землякам здароўя, дабрабыту і плёну ў справах , на ўрачыстасць прыехаў і старшыня сельвыканкама Віктар Вячаслававіч Кавалеўскі. Ён павіншаваў пераможцаў конкурсаў добраўпарадкавання тэрыторый «Дом узорнага парадку» і «Лепшая сядзіба». Імі сталі Антаніна Аляксандраўна Стэльмах і Пётр Пятровіч Бабаед адпаведна.
Падчас мерапрыемства жыхары Замошша згадалі гісторыю сваёй вёскі і людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне і развіццё населенага пункта.
У гэты дзень не было, бадай, ніводнага замошца, які б не пачуў у свой адрас цёплага слова. Дружна віталі людзей, якія аддана працавалі на карысць роднага сяла, якія нарадзілі і выгадавалі сумленных дзяцей. У прыватнасці, Антаніну Аляксандраўну Стэльмах — патрыётку роднага краю.


Дзякуючы ёй у Замошшы быў усталяваны помнік жыхарам вёскі, якія загінулі ў суровыя годы вайны. Моцнага здароўя і доўгіх год жыцця араганізатары мерапрыемства і аднавяскоўцы пажадалі старэйшай жыхарцы Замошша Раісе Дзмітрыеўне Галаўко, якой нядаўна споўнілася 86 гадоў.
Доўга ў той дзень у Замошшы гучалі песні ў выкананні фальклорнага калектыву «Беседушка» Красналуцкага СДК. Таксама працаўнікі ўстановы падрыхтавалі жартоўныя тэатральныя замалёўкі, вясёлыя гульні.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.