Прадавалі, набывалі, весяліліся…(+ФОТА)

У мінулыя суботу і нядзелю ў Новалукомлі і райцэнтры прайшлі традыцыйныя для такой пары восеньскія кірмашы. Сваю прадукцыю прапаноўвалі ў гэтыя дні ўсе, каму належыць. Загадзя паклапаціліся сельгаспрадпрыемствы, фермерскія гаспадаркі, дачнікі, установы адукацыі і, зразумела, прадпрымальнікі і шматлікія гандлёвыя арганізацыі. Вялікі выбар садавіны, агародніны, прамысловых і харчовых тавараў. Усё сканцэнтравана ў адным месцы. Кожны мог купіць тое, што яму патрэбна. І большасць тавараў, так бы мовіць, пакупнікам па кішэні.


У горадзе энергетыкаў суботні кірмаш выклікаў вялікую цікавасць. Традыцыйны базарны дзень ператварыўся ў святочны. Гучала музыка, выступалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, разыгрывалася латарэя. Гараджане асабліва цікавіліся садавінай, агароднінай, мясной прадукцыяй. Хтосьці нёс саджанцы, хтосьці набыў сельгасінвентар для наступнага сезона. У Новалукомлі, як вядома, шмат дачнікаў.

У Новалукомлі каля машын з прадукцыяй сельгаспрадпрыемстваў было шматлюдна.

— Я кожны год чакаю з нецярпеннем, калі кірмашы пачнуцца, — падзялілася новалукамчанка Вольга. — Усё ёсць, што патрэбна. Капусты вось купіла. Будзем квасіць.

Для вытворцаў даўно запалілі зялёнае святло. Ёсць попыт на прадукцыю — прыязджай і рэалізуй. Было б жаданне. Пакупнікі, як належыць, галасуюць рублём.


У Чашніках у нядзелю таксама панавала святочная атмасфера. З самай раніцы кірмаш распачаў работу. Жыхары райцэнтра пачалі актыўна назапашваць сельгаспрадукцыю. Бульба, морква, капуста — не абыдзецца ніводны стол без агародніны. Зерне, мяса, мёд, рыба таксама патрэбны.

Набывалі неабходны тавар чашнічане і весяліліся. Асабліва шматлюдна было пад час розыгрышу латарэі. Уладальнікі білетаў з нецярпеннем чакалі моманту, калі стануць вядомы імёны шчасліўцаў. І вось час настаў. Розыгрыш адбыўся. Прызоў было шмат. Галоўны — бычок. Што цікава, разыгралі яго даволі хутка. Шчаслівая жыхарка райцэнтра атрымала сертыфікат на набыццё жывёлы ў адной з гаспадарак.

У Новалукомлі каля машын з прадукцыяй сельгаспрадпрыемстваў было шматлюдна.

Культработнікі зрабілі ўсё магчымае, каб кірмаш запомніўся жыхарам і гасцям горада. Спявалі, танцавалі, весялілі публіку. Прыходзілі людзі на базар, а станавіліся адначасова ўдзельнікамі свята. Калі яшчэ пабачыш такое?.. Толькі ў кірмашовыя кастрычніцкія дні!

 

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.