Слава нялёгкай сялянскай працы!(+ФОТА)


У мінулую пятніцу Верхнядзвінск стаў своеасаблівай Меккай, цэнтрам прыцягнення жыцця Прыдзвінскага краю. Менавіта тут праходзіў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018».

У час шэсця на «Дажынках-2018» у Верхнядзвінску.

Горад сустракаў удзельнікаў вялікага мерапрыемства гасцінна і ў святочным убранстве. Абноўленыя і пабудаваныя аб’екты, безліч самых розных пляцовак і выстаў, гандлёвых кропак, музыкальнае суправаджэнне, прыўзняты настрой жыхароў і гасцей — усё гэта стварала непаўторную атмасферу свята.
У фестывалі-кірмашы ў Верхнядзвінску прынялі ўдзел прадстаўнікі і нашага раёна. У складзе афіцыйнай дэлегацыі Чашніччыны старшыня раённага выканаўчага камітэта Л. У. Пляшко, старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Д. Косаў, намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты райсельгасхарчу, дырэктары і лепшыя працаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і другія.

Яшчэ задоўга да пачатку асноўных мерапрыемстваў свята дажыначны сноп з чашніцкай зямлі — гэты своеасаблівы сімвал руплівасці нашых хлебаробаў — знайшоў сваё пачэснае месца ў раённым цэнтры культуры, дзе была арганізавана выстава-конкурс «Дажыначны сноп».

На цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы «Дажынак-2018».

З непрыхаванай цікавасцю ўдзельнікі святочных мерапрыемстваў наведвалі выставу «Каравай-2018», дзе было прадстаўлена майстэрства хлебапёкаў вобласці. Годна глядзеўся выраблены майстрамі Новалукомльскай вытворчасці каравай, жадаючыя раз-пораз падыходзілі сфатаграфавацца тут жа.

Каравай ад вытворцаў з Новалукомля.

Мнагалюдна было і на выставачным праекце «Віцебшчына ў мініяцюры» ў раённым цэнтры культуры, дзе экспанаваліся макеты. Свае работы прадставілі і нашы землякі — творчы калектыў аб’яднання па інтарэсах «Майстравы» Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі і вучань 10 «В» класа СШ №» 2 г. Новалукомля Міхаіл Дзірко, кіраўнік —намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце М. В. Дзірко — макеты адпаведна царквы Святога архангела Міхаіла і царквы Святой Тройцы (Белай Царквы).

Работы нашых землякоў, што экспанаваліся ў Верхнядзвінску.

Незабыўныя ўражанні пакінула шэсце калоны па вуліцах горада. Жыхары і госці Верхнядзвінска ў адзіным парыве цёпла віталі і выказвалі падтрымку прадстаўнікам кожнага раёна.


…І вось вядучыя аб’яўляюць аб урачыстым адкрыцці фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2018». Міс «Жніво Прыдзвіння» ўручае абласны дажыначны сноп старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М. М. Шарснёву.
Вітаючы ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу, кіраўнік вобласці адзначыў: Верхнядзвінск гасцінна сустракае залаты фонд аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны, рэкардсменаў хлебнай нівы, граматных спецыялістаў, таленавітых кіраўнікоў. Гэта ўрачыстасць — своеасаблівы гімн хлебу, даніна прызнання заслуг тых, хто яго вырошчвае і ўбірае. Праца земляробаў застаецца адной з самых цяжкіх і адказных, ад цямна да цямна ўсю сваю энергію яны аддаюць будучаму хлебу. І калі вагу каравая можна вымераць сотнямі, тысячамі тон, то цана яго вымяраецца потам і мазолістымі рукамі. Ад таго яшчэ больш паважанай становіцца праца на хлебнай ніве.


На вынікі сялянскай працы як ніякай другой уздзейнічаюць прыродныя фактары. У гэты надзвычай няпросты па кліматычных умовах год каравай вобласці — 756 тысяч тон, хаця было зроблена многае, каб ураджай быў значна лепшым. Тым не менш рэзультат ёсць. Зыходзячы з урадлівасці глебы выхад зерня на 1 бала-гектар склаў 90,3 кілаграма, а гэта другі вынік у рэспубліцы пасля Брэсцкай вобласці (91,4).

Прадстаўнікі нашага раёна на фестывалі-кірмашы.

151 экэпіж камбайнёраў пераўзышоў тысячны намалот, рубеж дзве тысячы пакарыўся адзінаццаці экіпажам, трохтысячны намалот пераадолелі два тандэмы камбайнёраў, упершыню ў гісторыі вобласці з’явіліся два экіпажы-чатырохтысячнікі, што стала яркай старонкай у аграрным летапісе вобласці. Віцебшчына 12 верасня першай і пакуль адзінай выканала дзяржзаказ, што сведчыць аб вернасці сялянскаму абавязку і вялікай адказнасці аграрыяў перад Радзімай.
Словы вялікай удзячнасці старшыні аблвыканкама працаўнікам хлебнай нівы, кіраўнікам раёнаў, прадпрыемстваў, спецыялістам сельгасвытворчасці, усім, хто выбраў сваёй прафесіяй самую неабходную працу, стаў захавальнікам традыцый і майстэрства, хто аказваў дапамогу вёсцы.

 


Хвалюючым момантам мерапрыемства стала ўзнагароджванне старшынёй Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М. М. Шарснёвым пераможцаў абласного спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, рапса, нарыхтоўцы травяных кармоў.
Словы падзякі, узнагароды працаўнікам Віцебшчыны і пажаданні поспехаў адрасавалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанка, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь М. І. Русый, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь І. І. Смільгінь. Сярод удзельнікаў святочных мерапрыемстваў член калегіі, міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі А. М. Субоцін, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці В. М. Воўк, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У. У. Цярэнцьеў і іншыя афіцыйныя асобы, а таксама госці з Бранскай і Пскоўскай абласцей Расійскай Федэрацыі, Краслаўскай краявой думы Латвіі і іншыя.


Шмат прыемных хвілін прысутным падарылі майстры мастацкай самадзейнасці Прыдзвіння.
Ну а эстафету абласных «Дажынак» прыняў горад Браслаў.

Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.