«Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе…»

Адкрыццё выставы з такой назвай прайшло ў зале музея ў райцэнтры. Яе часова перадаў літаратурны музей Петруся Броўкі, што ў Мінску. Прысвячаецца яна слыннаму беларускаму паэту і энцыклапедысту. П. Броўка — народны паэт Беларусі, заснавальнік Беларускай савецкай энцыклапедыіі. Усе, хто завітаў у гэты дзень, мелі магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам беларускага паэта.
Вядучыя мерапрыемства — дырэктар і навуковы супрацоўнік Чашніцкага гістарычнага музея Людміла Касцянка і Сцяпан Зобаў расказалі пра асноўныя факты з біяграфіі класіка беларускай літаратуры. А на прысутных з вялікага партрэта, які займаў цэнтральнае месца выставы, глядзеў Пятрусь Броўка.

Падчас адкрыцця выставы, прысвечанай беларускаму паэту Петрусю Броўку.

Ураджэнец Ушаччыны, выхадзец з сялянскай шматдзетнай сям’і. Бацька яго, Юстын Адамавіч, займаўся вырабам мэблі, а маці, Алена Сцяпанаўна, вяла хатнюю гаспадарку. Паэт пачаў працаваць у 13-гадовым узросце. Змяніў некалькі прафесій — перапісчык, справавод, селькор. Потым быў накіраваны ў Полацкі акруговы камітэт. Некаторы час працаваў адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына». У 1934 годзе П. Броўка ажаніўся з Аленай Рыдзеўскай, а ў 1936-м у іх нарадзіўся сын Юрка.
За сваё жыццё паэт наведаў многія куточкі планеты. Але самымі прыгожымі для яго былі родныя мясціны, дзе прайшлі маленства і юнацкія гады. Прырода ў вершах Петруся Броўкі займае значнае месца, напоўнены яны філасофскім роздумам пра жыццё. Не раз успамінаў ён старую бярозу на бацькоўскім полі, пра ручай, з якога пастушком наталяў смагу, пра родную хату з духмяным самавітым водарам і самы светлы вобраз — маці.
Асобная старонка ў біяграфіі паэта — гады Вялікай Айчыннай вайны. У вершах гэтага перыяду адчуваецца боль за сваю родную Беларусь, акупаваную фашысцкімі захопнікамі…
Шмат вершаў любоўнай лірыкі. Верш «Пахне чабор» найлепшы з іх. Менавіта яго і прадэкламавалі вядучыя. Пасля кароткага расказу пра жыццё і творчасць Петруся Броўкі прысутным прапанавалі пазнаёміцца з выставай падрабязней.
Выступленні артыстаў народнага клуба «Ветэран» дапамагалі стварыць асаблівую атмасферу падчас выставы.
Тэмы, на якія разважаў у сваіх творах П. Броўка, гучаць актуальна і сёння. Нашых сучаснікаў хвалююць пытанні вайны і міру, чалавечых адносін. Можна з упэўненасцю казаць, што па творах паэта можна вучыцца пазнаваць жыццё. Як запавет нашчадкам гучаць праз гады яго словы:
Я ведаю, час прыйдзе гэткі —
Усё прачнецца па вясне,
Як матылі, успыхнуць кветкі…
І нехта ўспомніць пра мяне…
Выстава будзе працаваць да 10 лістапада.

Наталля СТУКАЛОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.